Реферат: Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы

Вялікае значэнне для развіцця беларускай тэрміналогіі меў створаны ў 1596 г. Лаўрэнціем Зізаніем першы славяна-беларускі слоўнік – “Лексіс”, а таксама “Лексікон славенароскі” Памвы Бярынды. Значная частка змешчаных тут тэрмінаў захавалася да нашага часу: бытие, выхованье, истина, мова, особа, оборонца, пытанье, сведомосць, скарга, утиск.

Нягледзячы на дастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і асветы, адпаведны тэрміналагічны фонд старабеларускай мовы, а таксама даўнія лексікаграфічныя традыцыі, у XVII – XVIIІ стагоддзях спецыяльныя тэрміналагічныя слоўнікі на Беларусі выдадзены не былі. Убачылі свет толькі адзінкавыя навуковыя кнігі. У многім гэта тлумачыцца перапынкам функцыянавання пісьмовай беларускай мовы, а пазней - негатыўным стаўленнем да яе царскага урада Расіі.

Прыкметны ўплыў на развіццё новай беларускай тэрміналогіі зрабілі навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Да першых спроб беларускай тэрміналагічнай працы адносяцца граматычная тэрміналогія ў падручніку Б.Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (1918), слоўнік літаратурных тэрмінаў у кнізе М.Гарэцкага “Гісторыя беларускай літаратуры” (1920), распрацоўка Беларускай вайсковай камісіяй ваеннай тэрміналогіі ў брашурах “Вайсковая стылістыка” (1919) і “Каманды па-беларуску” (1920) і інш.

Паслядоўная і мэтанакіраваная праца па стварэнню беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася пасля арганізацыі Беларускага школьнага савета (1919), які распрацоўваў асноўныя тэрміны для пачатковай школы. У лютым 1921 г. была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, праца якой дала вялікі плён. За ўвесь час свайго існавання камісія мела 70 агульных пасяджэнняў, на якіх было разгледжана і прынята да 3000 тэрмінаў. На базе гэтай камісіі ў пачатку 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У яго ўвайшлі М.Байкоў, М.Гуткоўскі, Я.Лёсік, С. Некрашэвіч і інш. Тэрміналагічныя камісіі Інбелкульта, нягледзячы на цяжкасці і недахопы, зрабілі вельмі карысную для беларускай навукі справу, а іменна:

1) вызначылі кола навуковых паняццяў і сродкі іх выражэння ў мове. Побач з асобнымі няўдалымі штучнымі наватворамі былі прапанаваны і даволі трапныя і дакладныя тэрміны, як скарачэньне (абревиатура); калючапёрыя (колючепёрые); яшчарка (ящерица); прымета, адзнака (примета); дужкі (скобки); сугучча (созвучие) і інш.;

2) шукалі крыніцы навуковай тэрміналогіі (навуковыя тэксты па розных галінах ведаў);

3) падбіралі іншамоўныя лексічныя адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў;

4) распрацоўвалі прынцыпы тэрміналагічнай працы і асвятлялі іх у друку;

5) займаліся сістэматызацыяй і ўніфікацыяй тэрміналагічнай лексікі;

6) абагульнялі звесткі з розных беларускіх тэрміналагічных слоўнікаў, выдадзеных у рэспубліцы і за яе межамі.

Вынікам працы спецыялістаў па розных галінах ведаў і супрацоўнікаў тэрміналагічных камісій Інбелкульта (з 1929 г. – Беларукай акадэміі навук) сталі падрыхтоўка і выданне 24 выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі”, напрыклад:

Выпуск 1. Элементарная матэматыка – 1922 год;

Выпуск 2. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва – 1923 год;

Выпуск 4. Тэрміналогія логікі і псіхалогіі – 1923 год;

Выпуск 6. Батаніка: агульная і спецыяльная – 1924 год;

Выпуск 7. Музычныя тэрміны – 1926 год;

Выпуск 13. Анатамічныя назвы – 1927 год;

Выпуск 17. Слоўнік бухгалтарскай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі – 1928 год;

Выпуск 21. Слоўнік фізічнай тэрміналогіі – 1929 год;

Выпуск 24. Слоўнік тэрміналогіі агульнай раслінагадоўлі – 1930 год і інш.

Але не ўсе рэкамендаваныя тэрміны замацаваліся ў беларускай тэрміналогіі, бо некаторыя наватворы былі недакладнымі, варыятыўнымі ці ўжо мелі свае інтэрнацыянальныя адпаведнікі (часцей рускія): (красленне (чарчэнне), пэўнік (аксіёма), прамакутнік (прамавугольнік) і інш.) Значная частка тэрмінаў паўтаралася з выпуска ў выпуск.

Пасля стварэння Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР была разгорнута работа па ўкладанню больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 г. выйшаў першы Слоўнік тэхнічнай тэрміналогіі, праводзілася работа па падрыхтоўцы Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У працэсе гэтай работы быў унесены значны ўклад у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі.

Аднак намечаныя планы не былі рэалізаваны. У сярэдзіне 30-х гадоў пачалася рэпрэсіўная кампанія супраць беларускай інтэлігенцыі. Беларуская навуковая тэрміналагія грунтоўна не замацавалася ў практычным выкарыстанні з прычыны выцяснення беларускай мовы як мовы выкладання ў медыцынскіх інстытутах, асабліва пасля вядомай рэформы беларускай мовы 1933 года, у выніку якой набыла размах тэндэнцыя да зліцця беларускай мовы з рускай.

Адраджэнне пачалося толькі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Аднак на гэты час ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі, што прывяло да варыятыўнасці: з’явілася мноства варыянтных пар тыпу выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і інш. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 40-х – 50-х гадах брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і г.д. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 50-х гадах у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР працаваў сектар тэрміналогіі. У гэтым сектары былі падрыхтаваны і выдадзены “Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии” (1967), “Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии” (1970), картатэка для Руска-беларускага палітэхнічнага слоўніка, “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1962) і інш. У 60-х гадах у рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра. Толькі ў 1979 годзе была створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з 9 секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з’яўляліся: распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай тэрміналогіі; падрыхтоўка слоўнікаў, тэрміналагічных зборнікаў; сістэматызацыя рускай тэрміналогіі; кансультацыі ўстаноў і арганізацый па тэрміналогіі і інш.

У 1991 годзе Тэрміналагічная камісія была ператворана ў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію пры Акадэміі навук Беларусі. За перыяд з 1991 па 1995 гады Камісія выдала пяць выпускаў “Тэрміналагічнага зборніка”. Паколькі адна Рэспубліканская тэрміналагічная камісія не магла вырашыць усе праблемы фарміравання беларускай тэрміналогіі, а ў 90-я гады ў сувязі з пераходам выкладання шэрагу дысцыплін у ВНУ на беларускую мову з’явілася неабходнасць у стварэнні перакладных тэрміналагічных слоўнікаў, то былі створаны Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы, Тэрміналагічны цэнтр БДУ і шэраг камісій, груп, творчых калектываў у многіх ведамствах, вышэйшых навульных установах і г.д.

3. Шляхі развіцця беларускай медыцынскай тэрміналогіі

Гісторыя фарміравання і далейшага папаўнення беларускай медыцынскай тэрміналогіі непарыўна звязана з развіццём усёй беларускай літаратурнай мовы. Паколькі беларуская мова характарызуецца працягласцю і перарывістасцю свайго развіцця, то і гісторыя фарміравання яе тэрміналогіі працяглая і перарывістая ў адрозненне ад іншых славянскіх моў.

К-во Просмотров: 457
Бесплатно скачать Реферат: Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы