Реферат: Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы
Ажыўленне тэрміналагічнай работы пачалося ў XX стагоддзі. Укладанне першай беларускай медыцынскай тэрміналогіі было распачата ў 1923 – 1928 гадах. Як вядома ў 20-я гады на тэрыторыі Беларусі праводзілася палітыка “беларусізацыі”, якая дакляравала развіццё навукі, і медыцынскай у тым ліку, на беларускай мове. Паўставала пытанне аб стварэнні беларускай навуковай тэрміналогіі ў першапачатковым аб’ёме з мэтай палягчэння выкладання некаторых дысцыплін у сярэдняй і вышэйшай школе. Для вырашэння гэтай задачы ў красавіку 1924 года была заснавана Медыцынская секцыя пры Інстытуце беларускай культуры БССР (з 1928 года у складзе Інстытута навуковай мовы Беларускай акадэміі навук). Секцыя апрацоўвала беларускую медыцынскую тэрміналогію з мэтай пераходу на беларускамоўнае выкладанне і друкаванне медыцынскай літаратуры. У склад Тэрміналагічнай камісіі па праблемах медыцынскай лексікі ўвайшлі дактары Іван Цвікевіч і Павел Трэмповіч, а таксама студэнт-медык Павел Каравайчык (сакратар і дакладчык). Першая праца секцыі – “NominaAnatomicaAlborutenica” (анатамічныя назвы ў трох тамах) – выдадзена ў 1926 – 1929 гг. Гэта быў праект, які прапаноўваўся для далейшага абмеркавання, аднак афіцыйна адзначалася, што для аўтараў падручнікаў гэтая тэрміналогія будзе з’яўляцца абавязковай. Затым была распачата праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана, рукапісы захоўваюцца зараз у Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь.
Уся анатамічная лексіка ў слоўніках падзялялася на раздзелы: міялогія (раздзел анатоміі, які вывучае будову мышцаў і мышачнай сістэмы), спланхналогія (раздзел анатоміі, які вывучае вантробы чалавека), ангіялогія (раздзел анатоміі, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды), неўралогія (раздзел анатоміі, які аформіўся ў асобную навуку, якая вывучае будову, развіццё і дзейнасць нервовай сістэмы), рэгіёны корпусу чалавека і інш. Крыніцамі анатамічнай тэрміналогіі былі дарэвалюцыйныя працы нямецкіх, французскіх, польскіх і расійскіх вучоных.
З пункту гледжання этымалогіі (паходжання) значную колькасць слоў, якія былі ўключаны ў групу анатамічнай лексікі, складалі запазычанні лацінскага паходжання: muskulus trapezius , muskulus rhomboideae , lateralis , medialis і інш. Гэта тлумачыцца тым, што беларуская медыцынская лексіка, як і медыцынская тэрміналогія шмат якіх іншых еўрапейскіх народаў, фарміравалася пад моцным уздзеяннем латыні.
Аднак пераважную большасць анатамічных беларускамоўных тэрмінаў у першых медыцынскіх слоўніках складалі адзінкі, якія ствараліся на аснове народнай мовы. Выкарыстанне лексічных сродкаў беларускай мовы адбывалася шляхам ужывання агульнаўжывальнага слова ў тэрміналагічным значэнні або, калі яно не зусім дакладна выражала змест навуковага паняцця, шляхам стварэння на аснове народнага слова новай тэрміналагічнай адзінкі: цягліца (мышца), папялісты грудок (серый бугорок), скляпенне (свод), мазговы пасак (мозговой ремешок), аточынка (брыжейка), зьвязак (спайка), страўнічок (желудочек), вузьлік (узелок), аброцька (уздечка), міжножачны вузел (межножковый ганглий), задні зьвязак (задняя спайка), векавая частка (покрышечная часть). Ва многіх выпадках навукоўцы імкнуліся замяніць запазычаныя рускамоўныя тэрміны або іх элементы ўласнамоўнымі словамі: фасцыі – пялёньніца, перешеек – перасмык, гіпофіз – ніжні атожылак мазгоў, сгибающая мышца – згінальніца, эпителиальная пластинка сосудистой покрышки – пакрытнічны варсавы пласток, влагаищная связка – похвавы вяз, вращающая мышца – крутніца і інш. Такое становішча анатамічнай тэрміналогіі на свой час было перспектыўным і заканамерным, паколькі ў паслякастрычніцкі перыяд асноўнай крыніцай папаўнення медыцынскай тэрміналогіі выступала агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы.
Аналіз выданняў“NominaAnatomicaAlborutenica” 20-х гадоў сведчыць аб тым, што немалая частка тагачаснай медыцынскай тэрміналогіі дайшло і да нашага часу, напрыклад, неўралагічнай тэрміналогіі: шыйная частка, задняе ядро, шво, ніжняя ямка, тыльная частка, пятля, бакавая баразна, лейка, пярэдняя доля, ніжняя ножка, падушка, шыўкаватае цела, барозны мазгоў і інш. Разам з тым, шматлікія наватворы 20-х гадоў аказаліся штучнымі і па гэтай прычыне нежыццяздольнымі. На сённяшні дзень не кожны зможа зразумець сэнс некаторых анатамічных тэрмінаў першых медыцынскіх слоўнікаў: зрочная завараць (зрительный выступ), пярэдні грудок зрочнага груда (передний бугорок зрительного бугра), шышавічная завараць (выступ шишковидного тела), лукавіны (извилины), дзюбны пласток (пластинка клюва), сьвідрованая матэрыя (продырявленное вещество), нюхальны груд (обонятельный бугор), сьлізявая кішэня (слизистая сумка) і інш.
Укладальнікі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” ставілі мэту задаволіць надзённыя патрэбы навуковага і культурнага будаўніцтва на Беларусі. Але дасягнулі яе толькі часткова: і іх праца расцэньваецца як спроба стварэння беларускай навуковай тэрміналогіі, якая спрыяла далейшаму разгортванню лексікаграфічнай дзейнасці і стала прыкметнай падзеяй у беларускім мовазнаўстве.
На аснове ахарактарызаваных выданняў у 30-х гадах друкаваліся падручнікі і дапаможнікі па асноўных медыцынскіх дысцыплінах: хірургіі, артапедыі, фізіялогіі, фармацэўтычнай хіміі, акушэрству і гінекалогіі, паталагічнай анатоміі, гігіене. У 1938 годзе публікацыі медыцынскіх падручнікаў і манаграфій на беларускай мове прыпынілася. У першае перадваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было цэнтра па распрацоўцы і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі, што прывяло да значнай варыятыўнасці тэрміналогіі. Таму ў 1955 годзе ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР быў створаны сектар тэрміналогіі. З вяртаннем беларускай мове статуса дзяржаўнай у 90-х гадах тэрмінатворчасць у галіне медыцынскіх ведаў аднавілася: выдадзены праекты гісталагічнай і эмбрыялагічнай наменклатур, слоўнікі па фізіялогіі, анатоміі, медыцынскай вірусалогіі, перакладныя слоўнікі па медынскім навукам.
На фарміраванне сучаснай медыцынскай тэрміналогіі аказалі значны ўплыў:
1. Запазычанні. Як правіла, запазычваюцца інтэрнацыянальныятэрміны, якімі карыстаюцца многія мовы. Часцей за ўсё пры запазычаннях выкарыстоўваецца калькаванне (звычайна з рускай мовы): тазобедренный – тазасцегнавы, большеберцовый – вялікагалёнкавы. У складаных тэрмінах першай часткай звычайна з’яўляюцца ўсечаныя часткі, часцей за ўсё, грэчаскіх назоўнікаў і прыметнікаў:
· ларынга- (ад larynks , - ngos – гартань) - выражае паняцце “які адносіцца да гартані: ларынгаспазма, ларынгастэноз;
· мія- (ад mys , myos – мышца) - выражае паняцце “мышачны”: міяфібрылы,, міярэлексанты ;
· неўра- (ад neuron – нерв) - указвае на сувязь з нервовай сістэмай: неўрадыспансер, неўрадэрміт;
· нефра- (ад nephros – нырка): нефралогія, нефрапатыя ;
· пнеўма- (ад pneuma – дыханне): пнеўмакокі, пнеўмамікоз;
· самата- (ад soma ,- atos – цела): самататрапін, саматаскапія ;
· спондыла- ( ад spondylos – пазванок): спондылаартрыт, спондалалістэз ;
· фармака-( ад pharmakon – лякарства): фармакалогія, фармакахімія;
· хламіда-( ад chlamys – плашч): хламідабактэрыя, хламідаспоры;
· энтэра-(ад enteron – кішка): энтэрабіёз, энтэравірусы;
· адэна-(ад aden – залоза): адэнаматоз, адэнамер;
· анка-( ад onkos – уздутасць): анкагены, анкагенэз;
· ата-( ад us , otos – вуха): атаскоп, атафон;
· афтальма-( ад ophtalmos – вока): афтальмарэакцыя, афтальмія;
· гемата-( ад haima , - atos - кроў): гематапсія, гематахром;
· дэрмата-(ад derma -, - atos – скура): дэрматоз, дэрматыт;
· кранія-( ад kranion – чэрап): краніяскапія, краніястэноз;
· наза-(ад nosos – хвароба): назаарэал, назафобія;
· рына-( ад rhis , - inos – нос): рынапластыка, рынасклерома;
· сарка-( ад sarks , sarkos – мяса): саркаплазма, саркалема;