Дипломная работа: Жанрава-тэматычная разнастайнасць і паэтычная адметнасць паэзіі Сімяона Полацкага

Адукаваны палачанін зрабіўся прыхільнікам мірнага паяднання хрысціянскіх цэркваў. Гэта прывяло яго ў грэка-каталіцкі ордэн базыльянаў. Вернасць уніі ён пранёс праз усё жыццё. Нават у праваслаўнай Маскве свае кнігі ён падпісваў поўным тытулам базыльянскага манаха. Праўда, у Расіі лацініцу ніхто не разумеў, а паэт падпісваў на лаціне.

Чуючы ў сабе магутныя сілы, ён марыў прысвяціць жыццё літаратурным і навуковым заняткам. Час не надта спрыяў. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй не дала давучыцца. Летам 1655 года Самуіл стаўся сведкам штурму Вільні вайскамі царскага ваеводы Чаркаскага і казацкага атамана Залатарэнкі. Царскія стральцы і казакі рабавалі храмы: здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы. У кляштарах забівалі манашак, выкідвалі з дамавінаў мерцвякоў. Спалілі праваслаўную царкву за Вострай Брамай. Палова віленцаў загінула, астатнія ратаваліся, хто дзе мог.

Самуіл падаўся ў Полацк. Родны горад сустрэў нядаўнімі пажарышчамі і ліпучымі падазронымі паглядамі маскоўскіх стральцоў. Падарожнік лічыў, што самы надзейны прытулак у такі час – сцены Божай цвярдыні. Ігуменам Богаяўленскага манастыра пад Дзвіною быў знаёмы па Кіеве прафесар вольных мастацваў і таксама паэт Ігнат Іяўлевіч. З яго прапановы Самуіл прыняў пострыг і стаў Сімяонам. Выкладаў у брацкай школе, дзе некалі вучыўся, стварыў там тэатр, пісаў для яго п’есы. Але галоўным захапленнем настаўніка-дыдаскала была паэзія. Паэт напісаў некалькі эпітафій. Самая значная з іх “Нагробак”, прысвечаная забойству Георгія Пласкавіцкага, ваеначальніка польскіх войск. Асуджаючы забойцаў, Полацкі разам з тым разважае аб жыцці і смерці асобнага чалавека і аб вечным жыцці прыроды. Эпітафія гэта па сутнасці з’яўляецца лірычным вершам, бо на першым плане не сам факт забойства героя, а адносіны аўтара да гэтага факта.

Значную частку ранняй паэтычнай спадчыны Полацкага складаюць элегіі. Некаторыя з іх па тэматыцы прымыкаюць да вершаванных малітваў (“Смерць”, “Мелка”). У элегіі “Смерць” яскрава выявіўся гуманістычны матыў спагады да чалавечага гора. Рытмікай і спосабам выражэння думак гэта элегія вельмі блізкая да фальклорных плачаў. У вобразе Багародзіцы тут увасоблена простая жанчына-маці, якая перажывае за пакуты сына, а таму пры чытанні верша міжвольна забываецца яго царкоўная тэматыка, на першы план паўстаюць чалавечыя перажыванні. Блізкімі да папярэдніх па сваёй кампазіцыйнай будове з’яўляецца дзве элегіі “Стихи краесогласные… во сретение иконы Богородицы” і “Прилог к преподобной матери Ефросинии”. Творы ўзніклі з выпадку вяртання ў Полацк ікон Багародзіцы. Гэта ўзор патрыятычнай лірыкі С.Полацкага. У элегіях вельмі яскрава выразілася любоў аўтара да роднай зямлі і роднага горада, яны напоўнены трывогай паэта за лёс беларускіх земляў. Паэт заклікае зямныя і нябесныя сілы ахоўваць родны горад ад варожага нашэсця, памнажаць яго славу і багацце.

Манаства вызваляла ад матэрыяльных хлопатаў, а ўадначассе і ад абявязкаў перад сям’ёй і дзяржаваю. Наконт шкоды свецкага жыцця для паэта і вучонага Сімяон выказаўся так:

Ибо не будет мощно с книгами сидети,

Удалит от них жена, удалят и дети….

Припятствие мудрости женитву вещает,

Ей неудобно книги довольно читати,

И хотите жены в доме исполняти.

Хутка надарылася магчымасць паказаць свій паэтычны дар самому цару. Дванаццаць вучняў маладога дыдаскала выступілі перад Аляксеем Міхайлавічам з чытаннем твора пад даўжэзнаю, сапраўды “мятроваю” назвай: “Метры на пришествие во град отчистый Полоцк присветлого благочестивого и христолюбивого князя Алексея Михайловича, всея Великия и Малые и Белые России самодержцы и иных царств, и отроков, знайдуючыхся во училище при церкве святых богоявлених монастыря брацкого полоцкого его царского величества, а наготованные прд господинов отцов и братию то еиж святой обители в лето от создания мира 7164, а от воплощения Божьего Слова 1656 месяца июля, 5 дня”. Хлопчыкі старана дэкламавалі:

Веселися, о царю пресветлый з востока,

Россом светячий светом от Бозкаго она…

Адным словам, цар звярнуў увагу на маладога дыдаскала. А калі звярнуў, то трэба было чакаць, што не забудзецца пра яго. Так і атрымалася. Але да таго як Сімяон адчуў царскую ўвагу, ён зведаў, што такое дзеянні нядобразычліўцаў. У снежні 1659 года Іяўлевіч стаў архімандрытам полацкага Барысаглебаўскага манастыра. Тым самым у брацкай школе багаяўленскага манастыра ў Сімяона не заставалася галоўнага і ўплывовага заступніка. З незалежным у меркаваннях выкладчыкам вырашылі расправіцца тыя, каму не падабалася яго маскоўская арыентацыя. А менавіта так, а не інакш, успрымалі і многія калегі і начальства віншаванні, якія Сімяон рэгулярна пасылаў цару ў Маскву.

У справу ўмяшаўся полацкі епіскап Каліст. Не дапамагло і тое, што яшчэ ў 1657 годзе Сімяонам быў складзены і зачытаны яму панігірык – “Вітанне епіскапа Каліста Полацкага і Віцебскага”.

Сімяон апынуўся ў турме, што знаходзілася на полацкім Верхнім Замку. Давялося правесці ў кандалах два тыдні.

Незайдросная доля ў таго, хто сядзіць у астрозе. А калі звініш кандаламі, не ведаючы за сабой аніякай правіны, трываць пакуты шматкрат цяжэй. Тады агортвае роспач, і ў душэ нараджаюцца вершы-малітвы:

Призри оком милости на мене скорбяща.

От неправедна мужа клевету терпяща.

Их же ум мой не мыслил, он на мя клевещет,

А душа в невинности от страха трепещет

Крови моея хацет, пагубы жела ет.

Зусім бы цяжка давялося Сімяону, калі б не магчымасць атрымліваць маральную падтрымку ад Іяўлевіча. Той нязменна гаварыў, што, магчыма, хутка паедзе ў Маскву і абавязкова возьме яго з сабою. Так і сталася. У лютым 1660 года, калі ў Маскве меўся прайсці чарговы царкоўны сабор, Аляксей Міхайлавіч запрасіў на яго і Іяўлевіча.

Дэлегацыя, у складзе якой быў і Сімяон, знаходзілася ў Маскве некалькі месяцаў і ў Полацк выехала толькі 20 верасня 1660 года. Спяшаліся, каб паспець на заняткі. У Полацку Сімяон адчуваў тугу па вялікім, шумным горадзе, які паспеў палюбіць. Ды і пастаянна давалі знаць пагрозлівыя позіркі колішніх (ды і новых) нядобразычліўцаў. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1661 годзе актывізаваліся ваенныя дзеянні Расіі з Рэччу Паспалітай. На Сімяона з’явіўся адзін данос, другі… Каб далей ад граху, нічога не заставалася, як развітацца з родным горадам.

1.2. Пошукі новых жанравых форм у беларускі перыяд творчасці Сімяона Полацкага

Уздым беларускай паэзіі у XVII ст. звязан з Сімяонам Полацкім, які зрабіў вялікі ўклад у развіцце беларускай і рускай культуры таго часу.

Паэт, драматург, публіцыст і грамадскі дзеяч, Полацкі жыва цікавіўся сучаснымі яму падзеямі і бурна рэагаваў на іх, аб чым сведчыць яго творчасць як беларускага, так і маскоўскага перыяду жыцця. Гэта быў чалавек, які для свайго часу меў глыбокія і ўсебаковыя веды, так як Сімяон Полацкі жыў на пераломе дзвюх эпох – Сярэднявякоўя і Новага Часу. Усімі сіламі свайго розуму і таленту Полацкі цягнуўся да новага; пераважная большасць яго твораў цесна звязана з жыццём, рэчаіснасцю. Побач з тым, у Полацкага былі і такія творы, якія паказвалі абмежаванасць яго светапогляду, што абумоўлена як складанасцю эпохі , так і яго выхаваннем і санам.

Галоўнае месца ў старажытнабеларускай кніжнай паэзіі канца 16 – першай паловы 17 ст. займалі розныя панегірычныя жанры. Разнавіднасцю панегірычных жанраў, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў беларускай паэзіі эпохі Адраджэння і ранняга барока, з’яўляліся дэкламацыі. Станаўленне жанру дэкламацый адбывалася ў канцы 16 – пачатку 17 ст., а росквіт яго звязаны з творчасцю Сімяона Полацкага.

У беларускі перыяд сваёй дзейнасці Сімяон Полацкі неаднаразова звяртаўся да жанру дэкламацыяў.

Так як дэкламацыі складаюць каштоўную частку панегірычнай паэзіі С.Полацкага, тэма пераважнай большасці іх – радзіма. Паэт клапоціцца пра яе лёс, просіць зямныя і нябесныя сілы заступіцца і абараніць яе. Асабліва шмат увагі паэт аддае гарадам Полацку і Віцебску, з якімі было цесна звязана яго жыццё. Любоў да Радзімы вельмі выразна адчуваецца нават у некаторых дэкламацыях на рэлігійную тэматыку.

К-во Просмотров: 366
Бесплатно скачать Дипломная работа: Жанрава-тэматычная разнастайнасць і паэтычная адметнасць паэзіі Сімяона Полацкага