Курсовая работа: Аналіз жыццёвага і творчага шляху В. Зуёнка
Другі арыенцір — свет прыроды , без адчування якой немагчыма духоўная цэласнасць чалавека, маральна-этычнае і эстэтычнае багацце асобы. Так, паэт бачыць сваё адлюстраванне не толькі ў сферы духу, але і ў прыродзе, якая з'яўляецца крыніцай і стымулятарам вечнага працэсу стварэння, развіцця і ўзнаўлення саміх першаасноў чалавечага існавання на зямлі.
У вершы «Непаўторнасць» узнікае ёмісты вобраз -- «вочы прыроды». Умоўна-асацыятыўны па форме, ён вельмі значны па сваім маральна-эстэтычным напаўненні, аснову якога складае жыццёвы вопыт паэта. Паводле яго пераканання, «вочы прыроды» здольны сказаць чалавеку многае.
Прыходзіць жа аднойчы
Такая вышыня.
Глядзяць прыроды вочы
Штоночы і штодня.
Глядзяць табе насустрач,
Глядзяць табе наўслед.
І ты ужо — невідушчы —
Бачыш цэлы свет...(С.32).
У сувязі з тэмай прыроды ў яго паэзіі значнае развіццё атрымаў жанр натурфіласофскай лірыкі . Філасофскія паняцці і вызначэнні перадаюцца ў яго вобразнай мовай паэзіі, якая, аднак, кранае і хвалюе не толькі сваім эмацыянальным зместам. Яна ўздзейнічае на чытача глыбінёй і праўдзівасцю пазнання чалавечага свету - як знешняга, так і унутранага. Роздум аб чалавеку, прыродзе, сусвеце спалучаецца са шчодрым душэўным самавыяўленнем мастака, багатага на дабрыню і шчырасць. Натурфіласофская лірыка В. Зуёнка пранізана навуковымі ідэямі.
Згарае атам, і згарае дрэва.
Каб нарадзіцца зноў упершыню.
Натура вечная, а формы — ад агню.
Жыццё расце на сонечных угрэвах.(Світа....С.12).
Паняцце «агонь» набывае вобразна-асацыятыўнае значэнне, мае шырокі філасофска-семантычны кантэкст. У беларускага паэта агонь выступае як рухавік жыцця.
Паэма «Агонь і сонца» (1981) — працяг натурфіласофскай лірыкі, але тут знайшлі адбітак і чыста зямныя матывы, і непасрэдныя адчуванні паэта. Твор прысвечаны касманаўту Уладзіміру Кавалёнку — земляку паэта. Усе яе дванаццаць раздзелаў — сеансаў касмічнай радыёсувязі з героем з'яўляюцца спробам і заглянуць у духоўны свет нашага сучасніка, які знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Народнасць светаадчування тут арганічна паядналася з інтэлектуалізмам і фі-ласафічнасцю. Праўда, у паэме можна заўважыць некаторую сумарнасць, уласцівую галоўнаму вобразу, і адценні ілюстрацыйнасці, што пакінула след у асобных раздзелах, і часам просты пераказ падзей. Аднак многія старонкі па-сапраўднаму хвалююць глыбінёй і праўдзівасцю лірычнага перажывання. Напрыклад, там, дзе паэт непасрэдна звяртаецца да свайго героя-касманаўта, які знаходзіцца на арбіце.
Хто зараз ты:
працяг мой у Сусвеце
Ці сам сусвет, што да мяне ідзе?
Якім таўром —
скажы мне, ці прыкмеціў?–
Між зор адзначаны зямны мой дзень?(Світ...с.141).
Паэт разважае пра месца чалавека ў свеце, пра яго здольнасць арганічна «ўпісацца» ў развіццё прыроды, не парушаючы натуральнасці асноватворных працэсаў. Разам з земляком-касманаўтам ён прыгадвае родныя мясціны, супольныя шляхі-дарогі, успамін аб якіх не перастае цешыць чалавечую душу нават тады, а можа асабліва тады, калі яна раптам апынецца на вышыні касмічнай арбіты.
Паэма «Агонь і сонца» — услаўленне стваральнай актыўнасці чалавека, сцвярджэнне еднасці свету, які павінен развівацца толькі паводле гуманістычных законаў існавання жыцця.
Зборнік «Лукам'е» (1984 ) таксама вельмі разнастайны паводле свайго зместу. Разнастайны, але не стракаты.
Маральныя і эстэтычныя вытокі яго творчасці - народныя ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, бачна шматгранная мастацкая індывідуальнасць паэта, узбагачанага духоўным вопытам другой паловы XX ст. Вёска В. Зуёнка, якая стаіць на скрыжаванні ўсіх дарог-шляхоў, непарыўна звязана з вялікім светам чалавечага быцця як асобнае з агульным. У гэтым, можна сказаць, сутнасць яго творчай канцэпцыі, якая яскрава прадстае і ў кнізе «Лукам'е». У ёй знаходзім і непасрэднасць шчырага пачуцця, і філасафічнасць, якая праяўляецца праз рэалістычную канкрэтнасць.
У «Лукам'і» адбілася сама атмасфера нашага жыцця, яго стыль і лад, якія нават самі па сабе становяцца цікавым і самадастатковым матэрыялам для верша.
Бягуць усе —