Курсовая работа: Творчая спадчына Алеся Пісьмянкова
Вершы могуць прысніцца,
Могуць плакаць, смяяцца,
Крычаць і маліцца.
Вершы могуць забыцца,
У куточак забіцца,
Замаўчаць, затаіцца,
Каб аднойчы адбыцца.
І – збыцца. ("Вершы могуць здарацца").
2.3 Тэма Радзімы ў лірыцы А.Пісьмянкова
Лірык па характары, А.Пісьмянкоў заставаўся лірыкам і ў паэзіі, але лірыкам, якому не чужой была і філасофія. Ды не тая – мудрагелістая, што часцей лунае дзесьці высока, а філасофія жыцця, зямная ў сваёй аснове. І гэта вельмі адчувальна ў вершах, у якіх гучыць тэма "малой радзімы" – таго кутка Бацькаўшчыны, дзе Алесь Пісьмянкоў нарадзіўся і гадаваўся, куды нязменна вяртаўся ў снах і на яве.
Бесядзь змалку гайдала яго на сваіх хвалях, яна ж калыхала і ягоныя мары, якія сягалі далёка-далёка за небакрай, што хаваўся за мройнасцю абсягаў. І гэтыя мілыя сэрцу вобразы не маглі не выліцца ў паэзію. Пачынаючы з таго яшчэ моманту, калі ўпершыню з’явілася жаданне расказаць у вершы пра ўбачанае, пра тое, што нязменна хвалюе. І гэты верш нарадзіўся:
Мая вёска, мая вёска,
Сонца, мар маіх, надзей,
Усміхаецца бярозка,
Сустракаючы людзей.
Твор гэты, магчыма, у нечым яшчэ празмерна наіўны, але невыпадкова менавіта на яго звярнуў увагу выдатны знаўца паэзіі Аляксей Пысін.
Хараство родных краявідаў з гадамі не толькі не забываецца, а пры кожнай новай сустрэчы вабіла яшчэ больш. Паэта напаўняла такая любоў, што ягоны лірычны герой, адчуваючы гэтую спаконвечную еднасць, прызнаваўся ў сваіх пачуццях да Бацькаўшчыны быццам на адным дыханні [10; С.3].
Паэзія творцы прачулая, у ёй ёсць жыццёвая моц, духоўная трываласць. І пры гэтым – дзіўная, лаканічная, што месцамі нагадвае нават пэўную эскізнасць, але эскізнасць гэтая – не штрыхавая, а контурна выразная. Таму і атрымліваецца паэтычны малюнак такім зрокава выразным і пераканальным.
Няма паэта, еле жыве напісанае ім. І па-ранейшаму дзесьці на касцюковіцкай зямлі блукае белы конь яго маленства і ягонай паэзіі:
За Бесяддзю-ракой
Іржэ мой белы конь,
Вушамі конь стрыжэ...
Трывожна конь іржэ...
Праз вёрсты і гады
Заве мяне туды,
Да той святой вады,
Што горкне ад бяды.
Вушамі конь стрыжэ,
Самотна конь іржэ