Курсовая работа: Творчая спадчына Алеся Пісьмянкова
Трэба крыніцу капаць,
Трэба капаць крыніцу,
Каб унукі маглі напіцца.
...Бачыш, як нешта
бліскае –
Вада ўжо блізка. ("Насовіч")
У творчасці Алеся Пісьмянкова мінуўшчына арганічная, як падых, як прага глытка вады ў спякоту.
Еднасць яго музы з старадаўняй нацыянальнай кніжнасцю здзяйсняецца праз засваенне геральдычных сімвалаў – маральных арыенціраў даўніны ў сучасным айчынным мастацкім працэсе. Згадаем, што асноўная паэтычная адзінка ў сістэме вобразна-выяўленчых сродкаў (асабліва ў часы Сярэднявечча) – не троп, а рытарычная фігура ці метабала (адхіленне ад пачатковай нулявой ступені як вынік прамоўніцкай дзейнасці). Дасягненні параджальнай паэтыкі і неарыторыкі дапамагаюць вытлумачыць як традыцыйны, так і сучасны творчы працэс, шмат у чым тоесны з пошукамі сярэднявечнага гамілета ў "вынаходніцтве" прамовы-казання. Зазвычай "вынаходніцтва" пачынаецца з тэмы, яе макракантэксту, той часткі літаратурнага паведамлення, якая папярэднічае мастацкаму прыёмы, метабале, і знешняя ў адносінах да яго:
Чорны крыж
На белым полі...
Край распяты
На крыжы?
"Смерць ці воля,
смерць ці воля? –
Грозна звоняць палашы. ("Дума Вітаўта").
Сінтаксічны этап гэтага рытарычнага працэсу мае на мэце стварэнне звязак і прэдыкатываў, якія б аб’ядноўвалі простыя ідэі. Для лексічнага напаўнення верша выкарыстоўваюцца топасы – адзнакі трафарэтных суадносінаў паміж паняццямі і з’явамі. Топасы выступаюць сродкам пошуку аргументаў ці доказаў, развагаў у межах твора:
Смерць ці воля –
Вырашаюць палашы.
Вырашае меч булатны
І татарскае страла.
Вырашае просты ратнік –
Сейбіт з ціхага сяла. ("Дума Вітаўта").
Такая структура макракантэксту, у нечым роднасная еўрапейскай, постмадэрнісцкай, на думку вучоных, - узор параджальнай сістэмы, калі твор будуецца паводле ўяўлення пра яго:
І нястрымная Пагоня,
Што ўразаецца ў крыжы...
Не затопча нышы гоні
Бот чужы ("Дума Вітаўта").
Лірычны герой Алеся Пісьмянкова стварае ўласны загадкавы паэтычны свет, своеасаблівую легенду пра сябе і сваю творчасць:
І ўсё-такі цуда бывае!